Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх - страница 27

Шрифт
Интервал


СП. ЛЕЗГЭ


Шалапуты, блазны, нелюдзі, бажаволкі й размаітыя пачвары

Самасьцьвярджайцеся за кошт калекаў, якія моўчкі праглынуць любыя кпіны

Пасьпейце на векапомны выступ, пакуль цырк не паляцеў далей

Пад ім – прыпіска на аркушы кардону:

32—36 бакагрэя, пятая гадзіна. Наступныя імпрэзы: Гліцыяс, Вальрая, Папілюс

Тронза навальваецца на браму. Яна з скрыгатам расчыняецца.

Ён апрытомнеў і разьляпіў вочы. Пахла нечым рэзкім і непрыемным. Адчувалася лёгкая замарака, млявасьць. Ад доўгага ляжаньня зашэрхнулі ногі. Калі лахманы туману ўваччу паразьвейваліся, Тронза зразумеў, што відзежы па зьнячуленьні ня зьніклі. З круглага вакна ўгары на яго глядзеў жудасны курдупель: аблавухі, з масыўнымі брывянымі дугамі, вытырклымі скуліцамі й параю гнілякоў у роце. Твар яго крывіўся грымасаю бясьсільнае нянавісьці. Ногі ад сярэдзіны сьцёгнаў ператвараліся ў караценькія кавёлы. Так мог выглядаць дзікі насельнік Даўнажыўнае эры.

Курдупель зьнік як і не было. Тронза сьцяміў: гэта не вакно – гэта доктар Лезгэ адсунуў ад сталу вялізнае круглае люстра. Ён назіраў за ўласным адбіткам.

– Ну як вам, даражэнькі Бальтруце? – пачуўся знаёмы далікатны голас. – Як на мяне, харызматычна й густоўна. Адчуваецца дотык самабытнага творцы.

– Старычына Рэнзо? – прасыкаў Тронза. Без бальшыні зубоў прамовіць нават гэтыя два словы было няпроста.

Ён амаль не зьдзівіўся. Сьвядомасьць ужо складвала кавалачкі мазаікі, і вынік атрымваўся бязрадасным. Рука міжволі цягнулася да праменявіка, які ён узьвёў перад уваходам.

– Спадар Рэнзо. Рэнзо Лезгэ. Панібрацтва не пасуе дачыненьням шэфа з падначаленым. Мяркую, вы пагадзіцеся са мною, Бальтруце. Вам, натуральна, патрэбны час, каб асэнсаваць новы стан рэчаў. Не магу вас папракаць.

Тронза павярнуў нехлямяжую галаву і ўгледзеўся ў свайго супольніка – лупатага сухарлявага чалавечка ў гадох, як заўжды пры гальштуку й гарнітуры. Трыкутная галава з вузкім падбародзьдзем і высокім ілбом падавалася завялікаю для ягонага кволага цельца. Выцягнутыя, бы ў кажана, вушы амаль сягалі падбародзьдзя. Абвіслая скура мела зеленаватае адценьне – вынік доўгага жыцьця на станцыях пад узьдзеяньнем сонечнае радыяцыі. Сьлязістыя вочы даўно выцьвілі й зацягнуліся плевачкай, празь якую прасьвечвалі шэрыя зрэнкі. Гэтымі вачыма Рэнзо жаласна глядзеў на Тронзу, рыхтык перапрашаў за сваю бытнасьць.