Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх - страница 28

Шрифт
Интервал


– Вы не казалі, што доктар Лезгэ – ваш сын. І, пэўна, не зусім доктар.

– Ах, гэта дробязі… У Драманда талент, вы ня лічыце? Натуральны мастак. Натхняецца старасьвецкімі альбомамі. Ён і мне падправіў быў выгляд. Стаўся для яго, так бы мовіць, першым палатном.

Сам Драманд тымчасам усеўся на ўслон і зноўку вылупіўся на сьцяну.

– Прызнацца, я спадзяваўся на іншы вынік апэрацыі.

– Творчая натура, што зь яго возьмеш. Акадэміяў ня скончваў. Не прызнае рамак, грэбуе работаю на заказ, самі бачыце. А спадзевы… Няспраўджаныя спадзевы гартуюць характар.

– Як вы падрабілі квантавыя меткі? Ужо й маю́ маеце?

– Квантавую метку падрабіць нельга. Вы й самі ведаеце.

Тронза нахмурыў свае новыя кашлатыя бровы.

– Я вас ні ў чым не падмануў, даражэнькі Бальтруце, – уздыхнуў Рэнзо. – Гэта папраўдзе найлепшая маскіроўка. Ёю скарысталіся многія авантурнікі. Каторыя зь іх дагэтуль са мной. Тэльтрон Пратон радасна віхляе хвастом, як убачыць мяне, а Пранчуздра Дэнэльбромт ня можа нацешыцца сваёю барадой. Усе яны – і Ё-ё Крыкс, і Мезьвілёмій Арэскі – уласнаручна пакінулі свае меткі. Такую рэкамэндацыю ня купіш за грошы.

– То значыць, я мушу быць вам удзячны.

– Разумею, у вас зараз віруюць эмоцыі, вы наладжаныя здураваць. Цягнецеся па праменявік, але забываецеся, што ён зашыты ў галёнцы – нагі ў вас, на жаль, ужо няма. Лазэрную пістолю з зубу Драманд таксама дастаў, разам з бальшынёю зубоў. Даліпан, вы мусіце мне падзячыць: ён хацеў быў адняць вам абедзьве рукі, каб дасягнуць большага падабенства з альбомнаю выявай; але я пераканаў яго, што гэта непрактычна.

Тронза зычна скаўтнуў.

– Слова свайго я не парушу. У найбліжэйшыя тры тыдні вы – Недаростак Бальтар, калека з вандроўнага цырку спадара Лезгэ. Неўзабаве нас чакае выступ на Вальраі. У часе плянэтарнага візыту мы зможам падчысьціць запасьнікі музэю Андрамэды. Праз тры тыдні выправімся на Папілюс і атрымаем свае грошы, па чым вы будзеце вольныя пайсьці сваёю дарогай – мо знойдзеце хірургаў, якія падлатаюць вас пасьля майго сынка, хаця я дагэтуль не сустрэў такіх – альбо, хто ведае, застацца ў маім цырку й праварочваць афэры па ўсёй Галяктыцы ў слаўнай кумпаніі прайдзісьветаў.

– Бачу, вы не пакінулі мне выбару.


На прыганку Папілюскага аддзяленьня банку ККД стаялі двох нібы з карыкатуры: цыбаты стары жалобнага выгляду й курдупель на кавёлах з тварам нэандэртальца. Кожны трымаў у руцэ валізку. Яны ўважліва агледзелі пусты пляц перад сабой. Зялёнае сонца сядала за вежы царквы Касьмічнага зьнічу. Пастаялі моўчкі.