Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх - страница 6

Шрифт
Интервал


Калі апёкі на целе дзіўным чынам загаіліся, падняўся й рушыў праз кусты. Лісьце на іх было вострае як лёзы, і ймкнулася ўчапіць яго як мага часьцей і балючэй. Ён не зважаў на парэзы, пільнуючыся абранага кірунку.

Ягоныя пакуты толькі пачыналіся.

Зямля пад нагамі, і без таго напечаная, раптам задымілася й запалала. Шукаць паратунку не было дзе. Заставалася бегчы наперад – там на гарызоньце вымалёўваліся высокія сілюэты чорнага колеру.

Ён ня помніў, колькі разоў згараў зажыва на той раўніне. Помніў, што зьбіўся з падліку.

Часткаю свайго аганізуючага розуму Ўсьцюжанін адзначаў жахлівую няслушнасьць навакольля. Пакуль ён нема крычаў, ахоплены полымем, зьверху радасна шчабяталі нябачныя птушкі, а ля востралістага кустоўя мірна пасьвіліся каровы. Хто мог прыдумаць такое месца? Хіба што звар’яцелы бог. Альбо д’ябал. І чаму тут апынуўся ён: ня злодзей, не вычварэнец, ня кат – просты кантрактнік?

Калі заўважыў быў руіны места ў першы раз, то падумаў, што гэта ягоны Краснаярск і ён вяртаецца дамоў. Нават у пекле прыемна пабачыць родны кут, знайсьці хоць бы нейкі сэнс у пачварнай фантасмагорыі.

Але неўзабаве памылка сталася відавочнай. Гэта быў не Краснаярск, гэта…

Усьцюжанін завярнуўся й пайшоў назад.

Зноўку паўтараліся жахі. Зноўку зьмяняліся ў карагодзе сьпёка, халадэча й сьмерць. Да лявы, попелу й сьнегу дадаліся агромністыя камары, якія аблеплівалі яго воблакам і высмоктвалі кроў ці не дасуха.

Ён ішоў прэч ад руінаў, ня збочваючы, але і другі раз выйшаў да іх з таго самага боку. Заставалася толькі гістэрычна расплакацца й пабегчы наўздагад…

Калі наперадзе ўзьнік паказальнік на Гомель, ён даўмеўся, што ўжо тройчы бачыць места з усходу. Ня тое, каб у пекле былі ўсход ці захад, але ён нібыта глядзеў на руіны Гомлю з Бранскае шашы, па якой і ўехаў сюды некалі ў складзе Першага міратворчага. Калі ж гэта было? Здаецца, стагодзьдзі таму.

«Відаць, хтосьці вельмі хоча, каб я туды патрапіў. І выбару мне не пакінулі».

Кім мог быць гэты «хтосьці», заставалася няясным. Дагэтуль ён не сустрэў у апраметнай жаднае разумнае істоты, але – ірацыянальна, падсьвядома – баяўся натрапіць на дэманаў.

І вось Усьцюжанін стаяў на набярэжнай лявавага Сажу і адганяў турботныя думкі.


Банцэвічанка назірала за супраціўнікам. Ён не марудзіў ані хвілі.

На катоў Варгіна, што дзерлі ваяроў, зьверху абрынуліся птушкі сірын. Кіпцюры ў іх былі ня меншыя за кашэчыя, і карыстацца імі яны ўмелі ня горш. Ракаў і зьмеяў ірвалі на шматкі кашлатыя мядзьведзі, якіх ворагі павыпускалі з клетак. З пацукамі ўмомант расправіліся псагалоўцы. Пры патрэбе яны маглі хутка бегаць на ўсіх чатырох. Насустрач цмокам вылецелі зьмеі-гарынычы. На адну агнядышную цмачыную глотку прыходзілася па тры гарынычавых. Ведзьмароў на сьценах разілі бабы-ягі, што ляталі над гарадзішчам у ступах і стралялі маланкамі.