Яшчэ да вечару супраціўнікі разышліся – абаронцы схаваліся за гомейскімі сьценамі, а нападнікі адступілі за сьцяну лесу.
Банцэвічанка чытала думкі камандзіра гарнізону. Ён не губляў надзеі й спадзяваўся адстоіць места. Досьвіткам плянаваў кінуць на ворага атрады кадукоў, лесуноў вярхом на ваўкох і пушчавікоў. Але для яе было відавочна: наступны дзень станецца для гамяйчанаў апошнім.
Калі на Гом’е ўпала бязьмесячная ноч, Банцэвічанка накінула на плечы доўгі чорны плашч. Прайшла крывымі вулкамі да маленькіх дзьверак у сьцяне гарадзішча. Адамкнула іх. Незаўважаная пракралася паўз вартавых. І растала ў цемры.
Тае начы яна аддала ворагу ключы ад места і аддалася самая. Іншае ейнае «я» ў Гомлі перадало міратворцам сьпісы нядобранадзейных грамадзянаў. Яна доўга пераконвала сябе, што зрабіла слушную і адзіна мажлівую рэч: пазьбегла непатрэбнае бойні, уратавала жыцьці месьцічаў, вырашыла справу мірам… І самая сабе верыла.
Наступнага ранку яе абудзіў дзіцячы лямант. Банцэвічанка выйшла на балькон вежы й зьнерухомела. Заплюшчыла вочы, каб ня бачыць, што дзеецца на пляцы ўнізе, але сцэна ўжо адбілася на нутраным боку павекаў. Да таго ж яна ўвесь час чула крыкі. Калі расплюшчыла вочы, карціна зноўку ссунулася – цяпер яна глядзела на асфальтаваную плошчу Гомлю. Плошчу, залітую крывёю. Там адбываліся ня меншыя жахі.
Хацелася залезьці на парапэт і зрабіць крок наперад, але невядомая сіла трымала яе, не дазваляла вольнасьці; прымушала глядзець і слухаць. Глядзець і слухаць. Глядзець і слухаць. Здавалася, гэта ня скончыцца ніколі.
Яно й ня скончвалася.
Усьцюжанін быў у Гомлі раз у жыцьці й цяпер не прыдумаў нічога лепшага, як працягнуць шлях у тым кірунку, якім некалі йшоў у часе зачысткі, наўсьлед за танкамі й бэтээрамі.
Ад вуліцаў засталіся адно ўшпіляныя попелам прагалы між счарнелых трухлякоў руінаў. Усё зьмянілася, заняпала, здрабнела.
«Места не пазнаць».
Ён скурай адчуваў: вось-вось штосьці мусіць здарыцца, штосьці, дзеля чаго яго сюды й прывялі.
Чаканьне рабілася нясьцерпным, самота – невыноснай.
Нарэшце выйшаў на простакутную роўнядзь, пазамятаную попельнымі выдмамі. Разгледзеўся. Вохнуў. Тая самая плошча, дзе не сьціхалі масавыя хваляваньні. Даўным-даўно.
І тут з усіх бакоў на яго шуганулі дэманы.
Прынамсі, так яму падалося сьпярша. Чорныя зьнявечаныя постаці – кім яшчэ ім быць? Яны павольна набліжаліся. Падышоўшы на адлегласьць у колькі крокаў, спыніліся і абсталі яго колам. Ладны натоўп, не прарвацца.