Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх - страница 8

Шрифт
Интервал


Аж раптам убачыў: ніякія ня дэманы – звычайныя людзі.

Добрыя людзі.

Чаму так падумалася? І сам ня здолеў бы патлумачыць.

Іх, бадай, можна было б прыняць за анёлаў, каб яны не насялялі пекла. Стаялі не варушачыся, з выпрастанымі сьпінамі і ўзьнятымі галовамі. Моўчкі глядзелі на яго. У іх вачох не было злосьці, крыўды, асуджэньня – толькі сум, шкадаваньне й дзіцячая нявіннасьць. Гэта раніла больш за іншыя жахі апраметнай.

«Яны тут таксама не з уласнае волі».

Ён згадаў, як Першы міратворчы батальён падаўляў супраціў мясцовага насельніцтва, нязгоднага з палітыкай дэнацыяналізму – на гэтай жа плошчы, – і адвёў пагляд.

«За што? За што мне

Усьцюжанін крочыў проста ў чорны натоўп, расьпіхваючы локцямі першыя шэрагі. Людзі не запіналі шляху. Навобмацак яны былі халодныя, друзлыя і склізкія, быццам мёртвыя шчупакі. Ён скалануўся й пабег, не падымаючы галавы.

«Няхай тая раўніна, няхай холад, няхай скалы – толькі ня гэта».

Ня вытрымаў і азірнуўся. Ішлі за ім наўсьлед. Моўчкі, павольна.

На набярэжнай спыніўся, задыханы й зьнясілены. Павярнуўся да людзей з па-анёльску добрымі вачыма й пракрычаў:

– Калі гэта нарэшце скончыцца?

Маўчалі.

– Скажыце хоць што-небудзь.

Адно тужліва пазіралі на яго.

– Я проста выконваў загад, разумееце? Выконваў загад!

Ён павярнуўся да ракі, узяў разгон і скокнуў у ляву.


– Альгердзе, ну што ты так неасьцярожна?

Настаўніца сьцягвае віртуалайзар з галавы васьмігадовага хлопчыка і адводзіць яго ад анабіёзнае камэры.

– Паспальваеш яму ўсе сінапсы.

У камэры курчыцца голы мужчына з празрыстай, як мэдуза, скурай. Ён увесь пааблепліваны трубкамі й правадамі. Жылы напятыя, з носу й вушэй цячэ густая цёмная кроў.

– Прабачце, Паўліна Язэпаўна, – у голасе вучня чуваць каяньне. – Я не хацеўшы. Проста вырашыў паспрабаваць…

На камэры шыльда:

«Усьцюжанін Сяргей Іванавіч: лейтэнант, камандзір узводу мотастралковае роты карнага батальёну.

Злачынства: генацыд беларускага насельніцтва г. Гомлю.

Экспанаваньне: 63 гады».

– Ведаю, што ты спрабаваў. Сюжэтны архетып Вечнага вяртаньня. Але ж ледзь не засмажыў яго сваёй псыхапраекцыяй.

Хлопчык моўчкі глядзіць на Паўліну Язэпаўну анёльскімі вачыма.

– Трэ было абраць архетып папрасьцей, напрыклад, Аблогу, як Сафійка.

Дзяўчынка зь віртуалайзэрам у руках стаіць побач зь іншай камэрай.

«Банцэвіч Алеся Пятроўна. Начальніца аддзелу ідэалягічнае работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага райвыканкаму.