Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх - страница 9

Шрифт
Интервал


Злачынства: бязьдзейнасьць, калябарацыя з акупацыйным рэжымам.

Экспанаваньне: 75 гадоў».

– Зразумей, Альгердзе, у школьнага музэю няма столькі грошай, каб папаўняць экспазыцыю. Апошнія экспанаты.

Хлопчык слухмяна ківае.

– Ці мо хочаш, каб твае бацькі заплацілі?

Спужана трасе галавой.

– Паўліна Язэпаўна, – заступаецца за сябра нехта з купкі аднаклясьнікаў, якія назіраюць за псыхапраекцыямі збоку, – ну чаго вы так строга? Пэўна, ня ведаеце: у яго бабку зь дзедам закатавалі, бо ў аўтобусе па-нашаму размаўлялі.

– А ў Сафійкі, – парыруе настаўніца, – прабабуля ў нас працавала. Расстралялі праз тое, што расейскую літаратуру замежнай называла. Не зьдзівіў. І Сафійка яшчэ не праектавала на карніка. А ёй, бадай, таксама хочацца.

Дзяўчынка сур’ёзна ківае.

– То тады, – Паўліна Язэпаўна падыходзіць да кампутару, – я пераўсталюю ягоныя псыхапаказьнікі, а ты, Альгердзе, можаш пакуль папраектаваць на здрадніцу. Толькі акуратна, зразумеў?

– Зразумеў, Паўліна Язэпаўна.

Настаўніца занятая наладамі на маніторы й ня бачыць, зь якою ўсьмешкаю хлопчык ідзе да Банцэвічанкі. Затое бачыць Сафійка. І ягоная ўсьмешка ёй ну зусім не падабаецца.

Аж надта паскудная гэтая ўсьмешка.

Альгерд нацягвае віртуалайзар, і ўжо праз колькі хвілінаў ссушанае жаночае цела ў камэры пачынае рэзка курчыцца.

Урок гісторыі працягваецца. На калідоры чакае наступная група.

Блюзьнеры Анкегу

Калі я пісаў раман «Новая Зямля: Куканія», то напрыдумляў у запас розных рэлігіяў і культаў. Была сярод іх царква Касматэізму, ідэю якое я падгледзеў у Ліёна Спрэг дэ Кампа й перарабіў на свой капыл. Ня ўсё з прыдуманага мне пазьней прыдалося, ня ўсё пасавала дзівачнай плянэце, заселенай аднымі беларусамі. Касматэістыя так і засталіся ў завугольлі сюжэту, у далёкай Вільні. Але наўзамен атрымалі апавяданьне.

– Ось тут наш Келіск. А гэта, – Мікомп Аўлга перасунуў паўмісак з жамярынымі камамі далей да краю стальніцы, – Лормія. Да Скідарскіх імшараў адсюль як да суседняга сталу, а край ямы будзе ўзьбярэжжам Эйтэрычнага акіяну. Я багата чаго чуў пра гэтыя месцы, але сам, – мачануў палец у кухаль і правёў лінію між чарвяковым баланьезэ й карамелізаванымі сьветлякамі, – сам ніколі не трапляў далей за горы Прэмарда. Гэта ўвесь ведамы мне сусьвет.

Ён падняў вочы на суразмоўцу. Той вылучаўся сярод іншых наведнікаў «Сьпеўнага каменю» зьбянтэжаным выглядам, рознакаляровай вопраткай і невысокім ростам. Яны сядзелі ў найлепшай келіскай аўстэрыі, сьценамі й стольлю якой слугавалі косьці мамутаў, абцягнутыя скурамі. Пасярод памяшканьня зеўрала чорная яміна, вакол яе стаялі доўгія сталы. Пры сталох за кухлямі гаманілі мясцовыя. Уздоўж сьценаў віселі гамакі з мамутавае поўсьці, у якіх госьці спалі ўночы.