Захад Беларусi: гiстарычны пазл - страница 2

Шрифт
Интервал


Прыкладна за 10 год да выдання гэтай кнігі я гуляў па Гродне з маладой дзяўчынай, якая нарадзілася ў Пінску, але жыла і працавала, маючы, дарэчы, творчую спецыяльнасць, менавіта ў Гродне. Гэткая рэальная сувязь Брэстчыны і Гродзеншчыны ў выглядзе жывой, цемнавокай палешучкі, поўнай любові да архітэктуры каралеўскага горада. Я вырашыў здзівіць госцю і адвёў яе на маленькую вуліцу Малую Траецкую, куды рэдка забрыдаюць турысты, хоць выглядае вулачка вельмі каларытна і крыху нагадвае, на мой погляд, стары Талін. Дзяўчына была задаволеная і жыва спытала:

– А чаму тут Малая Траецкая, а там Вялікая?

Добрае пытанне, на якое не так проста адказаць краязнаўцу.

– Таму што там вялікая вуліца, а тут маленькая, – упэўненым тонам адказаў я, хутчэй не як краязнаўца, а проста як персона, здольная лагічна разважаць.

Дзяўчына шматзначна хмыкнула, і мы пайшлі далей.


Вуліца Малая Траецкая. Фота аўтара.


Вось такая невялікая інтэрлюдыя, якая таксама з'яўляецца часткай бясконцай, стракатай стужкі, пад назвай «Летапіс Гродна», што ўбірае ўсе падзеі, як значныя, так і не надта.

Аўтар, як можна зразумець з вышэйпададзенага, не прэтэндуе на ўсёабдымнае асвятленне шматграннай гісторыі Захаду Беларусі. Раздзелы кнігі – толькі асобныя кавалачкі гістарычнага пазла, бліскучыя і разрозненыя дэталі, быццам мазаіка са знішчанага сабора Аляксандра Неўскага ў Варшаве, калісьці створаная па эскізах выбітнага жывапісца Васняцова. Рэшткі гэтай мазаікі падзелены паміж Свята-Пакроўскім храмам Баранавічаў і знакамітай гродзенскай Каложай, як бы дзеля фарміравання яшчэ адной з незлічоных сувязей, паміж заходнімі абласцямі Беларусі.

Так, кніга дэманструе чытачу толькі часцінкі цэлага, але, як здаецца аўтару, гэта досыць яркія фрагменты, здольныя даць некаторае ўяўленне і аб усёй, па-за ўсякім сумневам, дзіўнай і маштабнай карціне.

Кластар 1. Гродна і (або) Брэст

Фрагмент 1. Барацьба за статус альтэрнатыўнай сталіцы ВКЛ

Брэст і Гродна – дзве сталіцы заходніх абласцей Беларусі. Але ў свой час яны былі яшчэ і найважнейшымі гарадамі ВКЛ, як бы канкуруючымі ў барацьбе за статус альтэрнатыўнай (другой ці трэцяй) сталіцы Княства.

У XIII стагоддзі Гродна, у адрозненне ад Брэста, знаходзіўся ў эпіцэнтры фармавання Вялікага княства Літоўскага і паказаны ў крыніцах адной з галоўных арэн супрацьстаяння літоўскіх уладцаў і галіцка-валынскіх князёў. Можна ўпэўнена казаць пра тое, што Гродна ўвайшоў у склад ВКЛ раней за Брэст. Вылучыць нейкую базу для супастаўлення палітычных статусаў гэтых двух найважнейшых населеных пунктаў дзяржавы, можна, мабыць, ужо пры князе Вітаўце, які валодаў абодвума гарадамі. У даследчыкаў ёсць падставы асцярожна сцвярджаць, што пры Вітаўце і яго фармальным сюзерэне Уладзіславе Ягайла, горад над Нёманам часцей за яго «канкурэнта» над Бугам служыў валадарам для вырашэння важных палітычных пытанняў, напрыклад, у Гродне Вітаўт заключаў мір з крыжакамі і сустракаў чэшскіх паслоў. Аднак і ў Брэсце вырашаліся найважнейшыя для ВКЛ пытанні, у прыватнасці, як піша Ян Другаш, менавіта там адбыўся спецыяльны сход, з удзелам Вітаўта і Ягайлы: