Праз хвіліну ён ачуняў. Цемнаскурая незнаёмка сядзела на сваім месцы. Ён успомніў апошнія яе словы.
– Працяг? Ну…
– Не, ты яшчэ не ведаеш. Пачакай крыху. І прабач мяне.
– Прабачыць? За што? Ты казала, цябе Алена завуць? Можа, сустрэнемся на тыдні?
Дзяўчына моўчкі паднялася і сышла. Максім пасміхнуўся і здзівіўся сам сабе – з чаго б яго захапіла недарэчныя гісторыя пра нейкіх ваўкоў? Дый дзяўчына не адпавядала ягоным густам. Ён дапіў піва, пакінуў грошы па рахунку і пайшоў дадому.
Воўчы сон
Грык з адчаем думаў пра будучыню. Белыя былі на самай мяжы і наўрад ці спыняцца. Калі верыць аповедам палонных, у іх не было мэты – толькі голад. Яны нікога не шкадавалі, не ішлі на перамовы – адразу кідаліся ў бойку.
На мінулым тыдні шэсць ваўкоў са зграі Агыр-Санан перайшлі мяжу і расказалі ўсё, што ведалі пра белых: яны ў некалькі разоў большыя па памерах, б’юцца да смерці, не адчуваюць боль, а іх поўсць і тоўстую скуру немагчыма пракусіць. Белыя не проста забівалі шэрых ваўкоў, а адразу ж іх жэрлі. І выратавання няма, бо нават самая вялікая зграя ў свеце налічвае менш за восем соцень ваўкоў, а белых – тысячы.
Гнеў пазбавіў Грыка страха, але воўк ведаў, што гэта ненадоўга. “Адкуль яны ўзяліся? Нават з трусавымі фермамі адзін паляўнічы надзел не можа пракарміць тысячу ваўкоў. А яны прыйшлі з поўначы, дзе па легендах немагчыма гадаваць жывёл, можна толькі паляваць. Ды й на каго? Паданні гавораць, што там жывуць белыя мядзведзі, якія самі каго хочаш з’ядуць”.
У хату зайшоў Аўк – былы важак зграі. Ён саступіў сваё месца Грыку, калі зразумеў, што састарэў і ў чэснай бойцы за ўладу не адолее свайго саперніка.
– Аўк, што нам рабіць? Праз месяц ці хутчэй белыя прыйдуць на нашу зямлю. Нас чатыры сотні разам са старымі і шчанюкамі. А іх – тысячы. Мы не пераможам.
– Не ведаю. За ўвесь час, што я кіраваў зграяй, галоўнай праблемай была міграцыя зуброў. Мы шмат гадоў не ваявалі з іншымі зграямі, не пашыралі тэрыторыю і не галадалі. Трэба набіраць войска, хаця б невялікае – сорак-пяцьдзясят моцных ваўкоў. Хай ахоўваюць мяжу. Яшчэ б трох-чатырох я адправіў на выведку. Трэба ведаць, калі белыя пойдуць на нас.
– Войска… Адкуль мне ўзяць столькі вольных ваўкоў? Усе працуюць ці на фермах, ці ў горадзе, ці палююць. Добра, калі дзесяць знайду. Ды й яны нават разам не адолеюць хаця б аднаго з тых…