– Пабудуем сцяну. Яна спыніць белых.
– Ведаю, ужо даў загад. Ды не паспеем. Ты ж чуў пра іх памеры. А значыцца, і сцены павінны быць вышынёй больш за чатыры галавы, інакш пераскочаць. А за месяц мы добра калі паспеем палову ад такой вышыні збудаваць. Прасцей канал прарыць, які б аб’яднаў заходняе і ўсходняе мора.
– Хопіць вышыні ў дзве галавы. Адразу ўсе пераскочыць сцяну не паспеюць. І калі адны скокнуць на тэрыторыю горада, а іншыя будуць рыхтавацца, мы першых паспеем забіць. Потым адаб’ём другую хвалю, трэцюю… Пакуль не пераб’ём усіх.
– Нават калі так будзе і ніхто з нашых не загіне ў першай бойцы, мы зморымся. Яны перамогуць колькасцю. А калі і паспеем сцены да канца збудаваць, ежы ў горадзе хопіць на тыдзень. А потым што? Саміх сябе жэрці будзем?
– А можа не ўсё, што нам расказалі – праўда? Верыць ваўкам чужых зграй – апошняя справа.
– Аўк, мы ж забілі іх. Думаеш, яны б сталі ілгаць, ведаючы пра немінучую смерць?
– Забілі, бо гэтыя ваўкі прыйшлі на нашу зямлю без дазволу і парушылі ўсе традыцыі. За такое альбо выгнанне, альбо смерць.
– Гэта мяне і пужае – яны пагадзіліся памерці, абы не трапляць у кіпцюры белых.
Аўк лёг на падлогу і паклаў галаву на лапы. Так ён паказваў – размова скончана.
– Грык, я не важак. Парады мае ты пачуў. Вырашаць табе. Што, ты лічыш, нам трэба зрабіць?
– Нічога. Самае лепшае – перайсці на тэрыторыю іншай зграі і памерці. Так нас хаця б пасля смерці не з’ядуць, а пахаваюць.
– Ты не зробіш гэтага.
– Чаму ж? Мы ў любым выпадку загінем. Якая розніца, хто нас заб’е – свае ці чужыя?
– Ты ўладар, аднак мая парада – склікай агульны сход зграі. Трэба ўсім паведаміць, што нас чакае.
– Добра, Аўк. Склікай усіх.
Стары воўк выйшаў з будкі і праз хвіліну пачулася выццё. Яно разнясецца на дзясяткі кіламетраў, і кожны воўк са зграі паўторыць яго. За ўсю тысячагадовую гісторыю гэты гук застаўся нязменным і азначаў адно – час збірацца разам, вырашаць агульныя праблемы і ратавацца ад ворагаў. Кожны воўк Суу-Ардун, чым бы ён не займаўся, прыйдзе ў горад, каб слухаць важака.
А Грык слухаў працяжнае выццё, ад якога поўсць уздымалася нават на хвасце, і не ведаў, аб чым будзе гаварыць са сваёй зграяй, як падрыхтуе іх да немінучай смерці.
***
Гаўл адным з першых ваўкоў пачуў заклік на сход. Апошнія тры дні ён без пэўнай цэлі бадзяўся ў пошуках ежы. Паляваў воўк дрэнна, таму шукаў падлу, слабых ці старых жывёл. Прайшоў праз увесь лес ад паўднёвай мяжы да горада і нічога не знайшоў.