Віленскія ўспаміны доктара Юльяна Цітыюса. З дадаткам Уладзіслава Талочкі - страница 12

Шрифт
Интервал


Пры жыцці затрыманы воляй
Святога наканавання,
Пасля свайго вяртання
Вітаю вас хлебам і соллю.
І падзякаваўшы Богу,
Стаю ля вашага парога.47

Расалоўскі і Шыдлоўскі былі таксама і сябрамі Манюшкі, разам з Манюшкам мы іх абодвух і пахавалі. Потым над Віслай спачыў і аўтар «Галькі», а я, самотны, пакінуты старымі сябрамі, усё яшчэ блукаю над Віліяй…

А ў канцы снежня хавалі двух сяброў, людзей светлых і папулярных у Вільні, шляхетнага доктара Станіслава Вікшэмскага і заслужанага выдаўца кніг Адама Завадскага48.


1874. У ліпені генерал-губернатар Патапаў49 атрымаў пасаду шэфа жандараў, а на яго месца быў прызначаны генерал Альбядзінскі50. Амаль што шасцігадовае кіраванне Патапава было справядлівым і чалавечным, але ні рускія, ні палякі не былі задаволены. Пераход ад бяспраўя да панавання права быў не лёгкім.

«У Літве беззаконне і жахліва разбэшчаныя чыноўнікі» – сказаў манарх генералу, графу Баранаву51, калі ў 1866 г. пасылаў яго ў Вільню і дадаў: «Мураўёў і Каўфман52 іх разбэсцілі». Хутка граф выправіў з нашага краю 12 зверхруплівых «апосталаў» і «народнікаў». Але паколькі граф Баранаў заставаўся на пасадзе толькі паўтара года, руская прэса яго не заўважыла і за высылку ўсіх неспакойных элементаў накінулася на аднаго Патапава.

Як раней граф Баранаў цытаваў мне словы цара пра разбэшчанасць чыноўнікаў, так зараз генерал Патапаў мне іх паўтарыў і расказаў пра тое, як цар прагне «прымірэння» і якім вымушаным крокам было прызначэнне Мураўёва, які нават ужо зняты з пасады, сам, замест Каўфмана, падпісаў загад ад 10 снежня 1865 г.53

Куратар Бацюшкаў стаяў на чале інтрыгі супраць Патапава. Калі інтрыга не ўдалася і Бацюшкаў у Вільні страціў пасаду, дык быў пераведзены ў Маскву і там расказаў сваім сябрам Каткову і Аксакаву54