Віленскія ўспаміны доктара Юльяна Цітыюса. З дадаткам Уладзіслава Талочкі - страница 11

Шрифт
Интервал


Неяк (у 1844 г.) мая маці папрасіла яго напісаць верш да сына ад яе імя, каб можна было памясціць яго ў альбом. «Добра, пані дабрадзейка, з задавальненнем, бо візіты да вашага сына з'яўляюцца паратункам для мяне і прыносяць больш карысці, чым кансультацыі ўсяго факультэта». На раніцы прынёс наступны верш:

Страту бацькі ўшанаваў жалобай і слязьмі
Сёння можаш яго замяніць, стаўшы чалавекам,
Маці ў гадах і сёстры слабыя
Тваёй з часам запрагнуць апекі.
Сыне мой! Ты ўжо да свету прыдатны,
Нясеш хворым палёгку, ратунак, пацеху,
У шляхетнай прафесіі на многае здатны,
Не спаткаюць цябе ні бяда, ні памехі.
Цноты бацькі наследуй, думай пра славу,
Не адмоў дапамогі і ўбогім
Бог цябе дабраславіць, як я дабраслаўлю,
Асцярожнасць да шчасця пакажа дарогу.
Любі бліжніх! Шануй і людзей, і сябе,
Хай роўнай для ўсіх будзе твая дабрачыннасць,
Хворым нясі дапамогу ў патрэбе,
Хрысціяніна кожнага ёсць то павіннасць,
Хай яна вызначае твой кожны ўчынак,
У сэрцы хавай гэты маці тваёй напамінак!44

Прайшла палова стагоддзя… І слёз выцекла не мала. Закончылася жыццё маці, якая запісала гэтыя словы ў альбом. Потым прынёс ён вершы да дачок. А праз год бедны самотнік памёр. Ён сам упісаў у маю кнігу для памятных запісаў некалькі імправізацый і сентэнцый па-польску і на лаціне. У гэтых вершах хваравітая мізантропія разам з рэдкім досціпам. Напрыклад:

Глянь, як ад людзей уцякае,
Ужо схаваўся ў цемры глыбінях
Чаму ж Тымон гэта чыніць?
– Бо чалавека ён знае.45

Атмасфера паэзіі тады, з 1810 па 1830 г. і далей, напаўняла Вільню. Шыдлоўскі і Расалоўскі рэпрэзентавалі дзве сучасныя плыні. Шыдлоўскі – халодны крытык, добра ведаў лацінскую і грэцкую мовы і трымаўся старажытных формаў, а ў рэформу Міцкевіча, у так званы рамантызм не верыў. Расалоўскі, гарачы энтузіяст, не крытык і не празаік, меў моцны творчы пачатак і, пачаўшы з перакладаў старых лацінскіх майстроў, закончыў Байранам і Мурам46. Уласных твораў пакінуў няшмат.

Расалоўскі быў доктарам медыцыны, некалі адным з лепшых студэнтаў універсітэта і тытул доктара-паэта, нададзены яму грамадскасцю, не зашкодзіў яго медыцынскай практыцы.

Калі наша маці ў 1848 г. памяняла кватэру, бедны сп. Станіслаў быў вельмі хворы. Паправіўшыся, прыслаў вялікі торт, да якога быў пракладзены ліст з вершам:

Доўга ад вас адапхнёны
І людзьмі прыгнабёны.