, успамінах Камілы Юрэвіч з Нарбутаў
6 і г. д. Сканы нявыкарыстаных да гэтага часу ў беларускай гістарыяграфіі вельмі карысных тэкстаў Манчунскай і Юрэвіч, аплаціў мой сын, за што яму вялікі дзякуй.
Архіў Тэадоры Манчунскай складаецца са 142 сканаў здвоеных старонак, якія на жаль, не з'яўляюцца паслядоўным, наратыўным тэкстам. Галоўным зместам архіва ёсць вершы яе бацькі, розныя яго ненадрукаваныя ў прэсе артыкулы, метэаралагічныя заўвагі, а таксама ўрыўкавыя ўспаміны самой Манчунскай пра сям'ю (гэтыя ўспаміны амаль што цалкам выкарыстаны ў кнізе) і раней не надрукаваны тэкст самога Тэадора Нарбута пра яго род, які цалкам прыводзіцца ў дадатках.
Успаміны Камілы Юрэвіч з Нарбутаў, падобна, напісаны як артыкул для перыёдыкі, у ім шмат агульнавядомай інфармацыі, але яе тэкст карысны перш за ўсё асабістым поглядам аўтаркі і цікавымі заўвагамі пра далёкага сваяка, якім быў для яе Тэадор Нарбут.
Шмат новай і грунтоўнай інфармацыі дае нам аналіз шматгадовай перапіскі з доктарам Аніцэтам Рэніерам, з якім Тэадор Нарбут моцна сябраваў. Пераклад перапіскі надрукаваны ў часопісе «Лідскі летапісец»7.
Заснавальнік рода Рэніераў у Літве прыбыў да нас з Францыі ў 1646 г. Сябар Нарбута Аніцэт Рэніер вывучаў медыцыну ў Віленскім універсітэце. Яшчэ не закончыўшы універсітэт, як лекар прынаняў удзел у паўстанні 1831 г. Пасля паразы паўстання, разам са сваім аддзелам, быў інтэрніраваны ў Прусіі але ў 1832 г. атрымаў дазвол вярнуцца на радзіму. У 1836 г. атрымаў дыплом урача і хутка стаў знаным у Вільні лекарам.
У 1842 г. становіцца членам Віленскага лекарскага таварыства і прымае на сябе кіраўніцтва яго медыцынскай бібліятэкай. Меў на ўтрыманні вялікую сям’ю і не гледзячы на добры даход, які давала лекарская практыка, жыў небагата, аб чым у 1843 г. пісаў Тэадору Нарбуту, з якім сябраваў: «… не магу ўзняцца з беднасці і ніхто мне ў гэтым не дапаможа. Трэба шмат працаваць самаму покуль магу і покуль хапае моцы». Але матэрыяльны стан не перашкаджаў яму думаць пра будучыню края, у тым жа годзе пісаў Нарбуту: «Колькі мільёнаў людзей трымаем як быдла… будзем гніць разам з імі у чужынскай няволі бо самі гэтаму дапамагаем» а ў 1845 г.: «На маіх плячах ляжыць вялікая адказнасць ад якой я, пакуль хапае сіл, не магу адрачыся»8.
Доктар Рэніер арганізаваў у Вільні тайную бібліятэку ў якой акрамя дазволеных былі і кнігі выдадзеныя за мяжой. Потым паліцыя знайшла матэрыялы, грунтуючыся на каторыя даведалася, што бібліятэка мела 71 чытача – дробная і сярэдняя шляхта, чыноўнікі, журналісты, літаратары, лекары і іншыя асобы з усёй Беларусі. Чытачом Рэніера быў і Тэадор Нарбут.