Эксгумацыя - страница 6

Шрифт
Интервал


Едучы сюды, следчы вырашыў спярша сустрэцца з Вярбiцкай, а ўжо потым апытваць астатнiх. Смаляк вагаўся, стоячы каля зламанага плота, да якога ў абодва бакi бегла добра-такi ўтаптаная сцяжынка, але цiкаўнасць узяла верх, i ён пераскочыў у суседнi гарод, зрабiў некалькi крокаў да будынiны, абмiнуў вялiзны куст парэчак i аслупянеў ад нечаканасцi: невядома адкуль перад iм узнiкла агромнiстая чорная аўчарка. У яе на хрыбецiне ўздыбiлася поўсць, агнiстыя вочы iскрылiся злосцю, вялiкiя белыя iклы блiшчэлi ў чорнай зяпе, пагражаючы ўчапiцца ў няпрошанага госця. Смаляк знерухомеў i з на-дзеяй паглядзеў на вокны, чакаючы паратунку ад гаспадароў, але нiкога за фiранкамi не ўбачыў. Ён пераступiў з нагi на нагу, i аўчарка iмгненна адрэагавала: злосна гыркнула, нацялася, бы струна, прысела на лапах-спружынах, вось-вось кiнецца.

– Ты добры вартаўнiк, маладзец! – зразумеўшы, што нiхто яму не дапаможа, а гэты звер не дасць i кроку зрабiць, загаварыў з сабакам Смаляк. – Ведаеш сваю справу, толькi я не злодзей…

Аўчарка ў адказ глуха забрахала, але ўжо не так злосна, быццам зразумеўшы сказанае. У гэты момант фiранкi ў крайнiм вакне варухнулiся i следчы ўбачыў праз цюль сiлуэт жанчыны, якая, цiкуючы за iм, тварам прыпала да шкла. Смаляк з палёгкай уздыхнуў, прадчуваючы хуткае збаўленне ад небяспечнай апекi, але жанчына не спяшалася на дапамогу, яму нават здалося, што яна смяецца. Следчы хацеў махнуць гаспадынi рукой, – толькi варухнуўся, як аўчарка натапырыла вушы i ашчэрылася.

– Пальма, фу! – на сцяжынцы з’явiлася бялёсае, кiрпаносае дзяўчо гадоў дзесяцi ў лёгкай жаўтаватай сукенцы. – Пальма, марш на месца! – ссунуўшы да пераносся бровы, строга камандавала маленькая гаспадыня.

Аўчарка нехаця азiрнулася, ледзь прыкметна матлянула доўгiм, як палка, хвастом, але не скранулася з месца.

– Каму сказана, марш у будку! – пiсклява крыкнула дзяўчынка i падняла з зямлi таўставаты дубчык. Толькi цяпер, убачыўшы ў руках гаспадынi дубец, Пальма павярнулася i нехаця пасунулася прэч, зласлiва азiраючыся на Смаляка. Сiлуэт у вакне знiк, бразнулi дзверы, i з-за хаты шустра вынырнула невялiкага расточку, худзенькая, высахлая, бы яблык, якi перазiмаваў на дрэве, старая. Яна прыдзiрлiва агледзела следчага, у насцярожаных, глыбока запалых, выцвiлых вачах заiскрылiся хiтраватыя агеньчыкi, зморшчаныя вусны кранула непрыхаваная ўсмешка.