– Ну што, алкаш, папаўся? Малiнай ласаваўся цi гуркi на закусь спёр? – прашамкала бяззубым ротам старая i, азiрнуўшыся на дзяўчынку, крыкнула: – Кацька, трымай Пальму напагатове, здадзім злодзея ў мiлiцыю…
Толькi цяпер Смаляк пазнаў суседку Альховiка. У першую сустрэчу, два месяцы таму, яна выглядала i паводзiла сябе зусiм iнакш: на пытаннi адказвала блытана, неўпапад, была чымсьцi заклапочаная i штохвiлiнна скардзiлася на ламоты ў касцях, дрэнны слых i благую памяць. Цяпер перад iм стаяла шустрая i задзiрыстая жанчына, куды падзеўся радыкулiт, няма ў руках крывулiстай кавенькi, на якую тады старая спадзявалася больш, чым на ўласныя ногi.
– Калi я не памыляюся, Вы – Казiмiра Францаўна Шашок, – прыгадаў прозвiшча старой Смаляк i, выцягваючы з кiшэнi пасведчанне, прадставiўся: – А я, можа памятаеце, следчы пракуратуры Смаляк. Мяркую, сабаку трэба прывязаць i мiлiцыю турбаваць не будзем.
Гаспадыня нават не зiрнула на дакумент, а падалася ўперад i, уважлiва вывучаючы няпрошанага госця, дакранулася да ягонай скураной папкi з паперамi. У гэты момант твар яе прасвятлеў, i Смаляк зразумеў, што яго пазналi.
– От цяпер прыпамiнаю, – расцягваючы словы, замiтусiлася старая, крутнуўшыся да дзяўчынкi, нешта прашаптала ёй на вуха i, ухапiўшы сабаку за ашыйнiк, павяла за хату. – Праходзьце, таварышок начальнiчак, госцем будзеце, – хiтравата пазiраючы на следчага, крыкнула гаспадыня i забразгатала ланцугом, прывязваючы сабаку каля будкi. – А мы з унучкай ягады збiралi, як чуем – Пальма апанавала некага чужога. Сучка добрая, свой хлеб зарабляе, – пяшчотна нахвальвала сабаку бабуля. —Памятаю, летась злодзеi ўлезлi ў сад, дык не брахала, пакуль яны вiшнi латашылi, а калi набралi паўнюткае вядзерца, яна тут як тут. I Вас не адпусцiла б… Калi да нас, дык заходзьце.
– Я да вашай суседкi Вярбiцкай, – паспяшаўся патлумачыць свой вiзiт Смаляк, – толькi ў хаце нiхто не жыве. Не зразумела. Мо Вы што ведаеце?
– Усё ясна, як божы дзень, – сядаючы на прытуленую да высакаватай слiвы лаву, чамусьцi зласлiва буркнула Казіміра Шашок. – Чула, судзiцца яна за хату з Альховiкавымi пляменнiкамi.
– А я Вас ледзь пазнаў, – сядаючы побач, дабрадушна прагаварыў Смаляк. – Памаладзелi гадоў на дзесяць…
– Дасць бог, пажыву, – унiкаючы глядзець на следчага, стрымана адказала тая i ўжо непрыязна дадала: – Вы задавайце вашыя пытаннi, бо мне ўнучку трэба кармiць.