Мерэйна Патэстас - страница 2

Шрифт
Интервал



– Зганяю ў вёску. Можа ў мясцовых самагонкі дастану. Пагрэемся! – сказаў Юрась, ды весела падміргнуў.

– Ну давай, зганяй.

«Усё роўна піць не буду!» – падумаў я.

– Ну ўсё, пабег.

– Давай, Юрась, давай.

«А можа быць і варта было б выпіць цукроўкi. Ну, паглядзім, што там Юрка прыцягне.»

Але Юрась вярнуўся толькі пад раніцу. Відаць, знайшоў сабе прытулак у вёсцы. Можа піў палову ночы з мясцовымі мужыкамі, а можа і яшчэ неяк уладкаваўся. Быў ён бадзёры і быццам бы цвярозы, але дыхаў перагарам.

– Пайшлі капаць, ёлупень, – кісла ўсміхнуўшыся, сказаў я.

Раніца нарадзілася сонечнай і халаднаватай. У полі я запрыкмеціў шустрага труса, якi скакаў кудысьці, па сваіх справах. Калі я бачу такога шэрага ўцекача, у душы прачынаецца старажытны паляўнічы інстынкт і мне хочацца бегчы за ім.

«Напэўна, сёння ўжо не будзе дажджу».

У лесе мы назбіралі трохі позьніх грыбоў. Нюхаць іх было неверагодна прыемна. А ад думак аб смажаных на вогнішчы польскіх грыбах, у роце пацяклі слінкі.

Час пралятаў хутка. Праца археолага даволі аднастайная. Трэба капаць і прасейваць зямлю, а потым зноў капаць і прасейваць. Але якое шчасце цябе чакае, калі ты нарэшце заўважыш нешта, хоць бы трохі цікавае! Таямніца! Вось яна, у тваіх руках! Ты забіраеш у мінулага яго сакрэты і аддаеш іх будучыні. Мы – вечна стомленыя і выпацканыя зямлёй працавікі, сваімі рыдлёўкамі дастаем на свет найкаштоўнейшыя артэфакты! Хоць, усякая праца ў нашым цэху важная! Гісторыкі ж таксама капаюць архівы, амаль як мы зараз капаем курганы.

Пакуль у галаве варушыліся філасоўскiя думкi, рукі хутка перакідвалі зямлю. Грунт, канешне, цвёрды. Але нічога страшнага! Трохі больш намаганняў і яшчэ некалькі лішніх мазалёў і мы паспеем да вечара разабрацца з гэтым аб'ектам.

Раптам у мяне зазваніў тэлефон. Я выпрастаўся, аддыхаўся і выкінуў наверх запэцканую рыдлёўку. Затым я хутка выскачыў з шурфа і намацаў у кінутай непадалёк куртцы свой мабільнік.

– Так, алё, – мой голас яшчэ быў перарывістым ад працы.

– Генадзь?

– Так-так, гэта я. Гаварыце, слухаю вас!

– Геначка… – жаночы голас перапыніўся хліпаннем, хтосьці плакаў у трубцы, і я не разумеў хто.

– Што такое? Што здарылася? – спытаў я, адчуваючы збянтэжанасць.– Хто гэта?

– Геначка, гэта Вера Максімаўна, твая суседка.


«Ах, вось хто!»

Я даўно ведаў сваю суседку з шэсцьдзесят першай кватэры, але кантакты нашы былi дастаткова рэдкімi, хоць і не пазбаўленымi цеплыні. Вера Максімаўна нашмат старэйшыя за мяне. Жанчыне было ўжо далёка за восемдзесят. Яе сын Віталь – алкаголік са стажам. Ён таксама даўно не хлопчык, яму, мабыць, ужо за шэсцьдзесят. Гэты нягоднік ніколі не працаваў. Пакуль Вiталька быў малады і даволі прыгожы, ён з задавальненнем жыў за кошт жанчын. І, вядома, ён заўсёды піў, як у бочку ліў. Але гады алкагольнага марафону зрабілі сваю справу. Вiталька захварэў і зараз амаль не мог хадзіць. Яго старая маці таксама перасоўвалася цяжка. Жудасная, але, на жаль, нярэдкая гісторыя. Некалькі разоў я нават схадзіў у краму, па прадукты для Веры Максімаўны, і дапамог вынесці насілкі з Вiталькай, калі за ім, падчас моцнага прыступу, прыехала хуткая.