Мерэйна Патэстас - страница 3

Шрифт
Интервал


– Гена, дарагi, тут Вiтальке зусім дрэнна. А мы ж адны з ім, больш і няма ў нас нікога. Прасіць нязручна цябе, Геначка, але трэба. Зайдзі да нас, калі ласка. Трэба пагаварыць. Зайдзі, дарагi. Адны мы, разумееш, адны зусім.

Я жадаў растлумачыць суседцы, што зараз працую і не магу кінуць экспедыцыю. Я б сказаў ёй, што яна, па сутнасці, чужая для мяне жанчына і я не магу вырашаць іх з сынам праблемы. Не я ж быў у гэтых праблемах вінаваты. Мне вельмі хацелася гэта сказаць.

– Добра, Вера Максімаўна, я хутка прыеду, не хвалюйцеся, – прамовiў я, упэўненым голасам.

Паклаўшы трубку, я цэлую хвіліну мучыўся ад жадання зноўку патэлефанаваць суседцы і заявіць, што я не прыеду. Але замест гэтага я пайшоў развітвацца з калегамі.

– Гэта навошта ты з'яжджаеш, здурнеў ці што? Што гэта за суседка і чаму ты павінен ёй дапамагаць, не разумею? – пытаўся здзіўленым голасам Юрась.

Эх, тут ён у чымсьці мае рацыю. Я панура пайшоў да сваёй машыны і, паабяцаўшы таварышам вярнуцца яшчэ да вечара, скокнуў у салон. На шчасце, ехаць трэба не так ужо i далёка. Я хутка праляцеў міма старых драўляных хатак, раскіданых па хутарах, і дробных рачулак, якіх так шмат у нашых краях. Праз гадзіну я стаяў у кватэры сваёй суседкі.

– Геначка! Ты не ведаеш, як я цешуся.

– Добра, Вера Максімаўна. Кажыце, што ў вас такое здарылася. Прабачце, але я спяшаюся, – мой голас гучаў, можа быць, трохi суха, але мяне можна было зразумець.

– Так, Геначка, я скажу зараз. Бачыш, вось… Нам проста зусім няма да каго звярнуцца. Ты ж ведаеш, што Вiталька не ходзіць. І яму патрэбны інвалідны вазок, пажадана добры, з маторам. Я сама ледзь перасоўваюся ўжо. Але грошы, разумееш, грошы, – тут на вачах Веры Максімаўны з'явіліся слёзы. – А ты ж нам дапамагаў, я памятаю. Можа быць ты і цяпер дапаможаш. Трэба вельмі шмат – тысячу даляраў. Потым як-небудзь аддам табе, што-небудзь прыдумаю.

Я быў надзвычайна здзіўлены.

– Але я ж просты археолаг, Вера Максімаўна! Вы ж бачыце, які вэрхал у краіне робіцца. Можа хутка археолагам наогул плаціць перастануць – няма будзе з чаго! Я б з радасцю дапамог, але няма ў мяне такіх грошай.

– Я разумею, Геначка, я ўсё разумею. Дзякуй, што прыехаў. Прабач мяне, дурніцу старую, за такія просьбы. Адны мы, Гена, зусім адны.

Калі я выйшаў ад суседкі, на душы быў такi цяжар, як быццам я здрадзіў самаму лепшаму сябру. Я разумеў, што ні ў чым не вінаваты, але ўсё роўна было вельмі сумна.