Мерэйна Патэстас - страница 4

Шрифт
Интервал


Калі я вярнуўся, праца яшчэ кiпела.

– Вось і прагульшчык з'явіўся, – заўважыў Юрась, а астатняя каманда засмяялася.

Я моўчкі палез у шурф і пачаў капаць максімальна хутка, каб адагнаць усе змрочныя думкі. Не прайшло і пяці хвілін, як сёе-тое знайшлося. Аднаго погляду на прадмет было дастаткова, каб зразумець – я сарваў джэкпот беларускай археалогii. Калегаў побач не было. Ніхто не бачыў маю знаходку. І ў гэты момант майго прафесійнага трыумфу, мне ў галаву раптам прыйшла дзіўная думка. Рука, як быццам незалежна ад маёй волі, сціснула ў кулаку каштоўную рэч.

Пасля адбою я засеў у палатцы з ліхтаром і пачаў вывучаць свой «Святы Грааль». Гэта быў залаты медальён, з выдатна выкананай выявай жанчыны, на плячы якой сядзеў кот. Пад жаночай фігурай змяшчаўся надпіс «MEREINA», зроблены гатычнымі літарамі. Відавочна – мне ўдалося знайсці адзіную пакуль выяву балтыйскай багіні палявання і лясоў, пра культ якой было вядома вельмі мала.

Не ведаю, як атрымалася заснуць. У сне я бачыў чырвонае неба, такое неверагодна прыгожае, што хацелася крычаць ад захаплення. І на фоне гэтага неба рэзка з'явілася постаць маладой дзяўчыны. Яна наблізілася да мяне. На плячы незнаёмкі сядзеў вялізны чорны кот. У дзяўчыны былі вялікія вочы і доўгiя валасы.

– Ты ўсё добра прыдумаў, Генадзь, – сказала дзяўчына. – Дзейнічай і пакінь сумневы. Усё будзе добра, і ўсё атрымаецца як трэба.

Тут я прачнуўся.


«Гэта ж тая самая багіня з медальёна – Мерэйна». Вось гэта было дзіўным, насамрэч.

З раніцы нашы курганы завалакло густым туманам. Але днём з'явілася яркае сонца, і мы пачалi бадзёра капаць, адчуваючы прыемны пах сырой зямлі. Вечарам я адважыўся! Рашэнне было цяжкім, і я доўга блукаў па лесе, штурхаючы раскіданыя на сцяжынках сасновыя шышкі. Але нават водар жывой ігліцы не мог мяне супакоіць. Выпіўшы для адвагі, я зазваў у палатку Юрася і з выглядам мацёрага змоўшчыка шчыльна зачыніў уваход. Затым я дастаў артэфакт, паказаў яго хлопцу, і прама спытаў:

– Колькі далі б за такі, твае сябры чарнушнiкi, як думаеш?

Юрась зрабіў нявінныя вочы.

– Ты пра што, наогул?

– Кінь гэта! Ты ведаеш пра што!

У поглядзе Юрася паступова разгаралася здзіўленне, пакуль ён пiльна глядзеў на артэфакт. Я адчуваў, што Юрка ўжо падлічвае ў думках гіганцкую суму, якую можна атрымаць ад продажу медальёна на чорным рынку.