З маладосці падтрымлівала адносіны з вяршкамі інтэлігенцыі. Знакамітыя прафесары віленскага ўніверсітэта і літаратурная моладзь часта да яе прыходзілі, чыталі свае творы ці прысвячалі свае кнігі. Было гэта паміж 1820-м і 1831-м гг.
Міцкевіча не памятаю, але імя яго было адным з першых, якое дзіцячая галава запомніла. У бібліятэчнай шафе маёй маці (з карэльская бярозы, са шклянымі дзвярмі), сярод іншых кніг было першае выданне, падараванае самім Адамам перад тым, як ён назаўсёды пакінуў Вільню (1824 г.). Гэтыя два томікі звярнулі ўвагу сямі- васьмігадовага хлопца. Пачаў учытвацца і, натуральна, не ўсё разумеў. Маці тлумачыла і расказала мне, што той, хто гэта напісаў, перад выездам на чужыну прынёс кнігі на памяць і папрасіў зрабіць пераплёт, што я меў тады чатыры гады, і ён узяў мяне на рукі і пацалаваў. «А дзе зараз Міцкевіч?» – запытаў. Адказала: «Сп. Маліноўскі (Мікалай, пазнейшы вучоны, гісторык), які разам з ім у нас бываў, учора сказаў, што ён у Маскве». На гэтых томіках, таго даўно раскупленага выдання Завадскага ў Вільні, як і на ўсіх кнігах маці, яе дарагой рукой наклеена бірка: «З кніг Ганны Цітыюс».
Памятаю, як у 1829 г. сябар і ўніверсітэцкі калега Міцкевіча Мікалай Маліноўскі прывёз для маёй маці ў падарунак ад Міцкевіча з Пецярбурга толькі што выдадзеную там гістарычную паэму «Конрад Валенрод» з трыма малюнкамі, якія мне вельмі падабаліся, і дадаў, што 15 мая Міцкевіч выехаў за мяжу.
Антона Гарэцкага42, любімага і дасціпнага байкапісца (да 1831 г.) добра памятаю як частага госця ў нашым доме. Прафесар Лелявель вучыў маю маці гісторыі, і ў 1857 г., васьмідзесяцігадовы стары, пачуўшы маё прозвішча, заплакаў.
Сябрамі бацькоў, а больш маці, былі яшчэ два высакародныя і вучоныя паэты: Ігнат Шыдлоўскі і Станіслаў Расалоўскі43, абодва былыя студэнты ўніверсітэта, памерлі: першы ў 1846 г. другі ў 1855 г.
Шыдлоўскі раней быў старшым прафесарам у гімназіі. Пасля смерці прафесара ўніверсітэта і рэдактара «Кур'ера Літоўскага» Яўзебія Славацкага, выкладаў польскую літаратуру і рыторыку. У 1818 г. Шыдлоўскі рэдагаваў «Тыгоднік Віленскі». Быў вядомы сваёй дасціпнай сатырай. З 1834 па 1843 г. выдаваў часопіс «Wizerunki i rostrzаszania naukowe». Казалі тады, што прычынай яго самотнасці і песімізму стала паэзія Міцкевіча, паважаных старых класікаў і маладых рамантыкаў.